Біблія для люду паспалітага

  • 25/04/2025

Прэзентацыя “Бібліі Францішка Скарыны” 

23 красавіка 2025 г. у Мінску ў Тэалагічным інстытуце ХВЕ прайшла прэзентацыя “Бібліі Францішка Скарыны” — унікальнага фаліянта, выдадзенага коштам Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, які ўключае ў сябе ўсе біблейскія кнігі, надрукаваныя Скарынам у Празе і Вільні ў 1517-1525 гг. Кніга зроблена сучасным шрыфтам, таму кожны беларус без спецыяльнай падрыхтоўкі можа лёгка чытаць пераклад Францішка Скарыны, зроблены 500 гадоў таму.

Рэктар Тэалагічнага інстытута ХВЕ Сяргей Паднюк павіншаваў прысутных з 500-годдзем беларускай Бібліі і выказаў надзею, што мерапрыемствы юбілейнага 2025 г. паспрыяюць глыбейшаму знаёмству са Словам Божым у нашым грамадстве.

Перад удзельнікамі прэзентацыі выступілі Алесь Бразгуноў, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, які падрыхтаваў гэтае выданне; скарыназнавец, дацэнт БДУ Алесь Суша і выканаўчы дырэктар Біблейскага таварыства, перакладчык Бібліі на беларускую мову Антоній Бокун.

Алесь Бразгуноў адзначыў, што мэтай яго працы, як і беларускага першадрукара, было даць магчымасць “люду паспалітаму” пазнаёміцца з біблейскім тэкстам. Алесь Суша падкрэсліў, што кніга прысвечана 500-годдзю выдання Ф. Скарынам «Апостала» і што Скарына апроч біблейскіх кніг нічога іншага не друкаваў. На думку Антонія Бокуна выданні Скарыны яшчэ чакаюць тэалагічнага даследавання і прапанаваў магістрантам Тэалагічнага інстытута ХВЕ заняцца вырашэннем гэтай навуковай задачы.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі прэзентацыі ўсе прысутныя маглі паспрабаваць чытаць “Біблію Францішка Скарыны” і пераканаліся, што яго пераклад Святога Пісання добра зразумелы сучасным беларусам.